Песняры зямлі беларускай
2022 год- год юбiлеяў нашых славутых суайчыннiкаў, чыiмi iмёнамi мы маем права ганарыцца. Споўніцца 140 гадоў з дня нараджэння двух класiкаў беларускай лiтаратуры Янкi Купалы i Якуба Коласа.
Янка Купала - Iван Дамiнiкавiч Луцэвiч. Свой псеўданiм выдатны пясняр выбраў невыпадкова: iм паэт хацеў падкрэслiць жаданне - i жыццём, i песняй служыць свайму народу, дапамагчы яму знайсцi жаданую папараць-кветку, кветку шчасця.
У лiтаратурным псеўданiме Канстанцiна Мiхайлавiча Мiцкевiча -незабыўнага Якуба Коласа - шмат сэнсу i чалавечага цяпла. Колас - гэта хлеб, гэта само жыццё. Сваiм псеўданiмам паэт падкрэслiваў, што ўсiм жыццём i творчасцю будзе заўсёды цесна звязаны з роднай зямлёй, што стане неад’емнай часцiнкай свайго народа,а з яго жыцця, як з найглыбейшай крынiцы, будзе чэрпаць думкi i надзеi, матывы i фарбы.
Iмклiва бягуць гады. Але колькi б часу нi прайшло, заўсёды будуць жыць у памяцi людзей Купала i Колас - выдатныя народныя паэты, без якiх немагчыма ўявiць беларускую лiтаратуру.
Яны пранеслi праз усё жыццё высокiя iдэалы гуманiзму, дабра i справядлiвасцi, аддалi народу свой талент, сваю душу i сэрца. Iх iмёны вымаўляюцца заўсёды разам. Iх псеўданiмы - з жыцця i творчасцi народа.
Школьная бібліятэка прапануе аднавіць свае веды аб жыцці і творчасці нацыянальных класікаў Беларусі і даведацца пра цікавыя факты з іх жыцця.З гэтай нагоды арганізавана выстава «Песняры зямлі беларускай». Калі ласка запрашаем у госці.